У пятніцу 25 кастрычніка 2019 г. супрацоўнікі Музея Максіма Багдановіча мелі магчымасць пазнаёміцца з пяцікласнікамі сярэдняй школы № 39, што знаходзіцца ў мікрараёне Альшанка.
Вучні 5 «І» (настаўнік Чарток Таццяна Васільеўна) і 5 «Г», «В», «А» (настаўнік Кечань Марыя Мечыславаўна) былі папярэдне ўжо падрыхтаваныя да сустрэчы з навуковымі супрацоўнікамі музея, ведалі, што ў Гродне ёсць музей беларускага паэта Максіма Багдановіча, які ў дзяцінстве жыў у нашым горадзе разам са сваімі бацькамі і братамі.
Звыклы для пяцікласнікаў урок беларускай мовы і літаратуры ператварыўся ў тэматычны занятак з майстар-класам «Кветка Радзімы - васілёк». Занятак складаецца з дзвюх частак: тэарэтычнай з мультымедыйнай прэзентацыяй і гульнёй «Назвы кветак і раслін» і непасрэдна майстар-класа па вырабу паштоўкі з фаамірану з выявай васілька.
Спачатку дзеці пазнаёміліся з інтэр’ерам мемарыяльных пакояў музея, з сямейным фотаздымкам Багдановічаў, з першым фотаздымкам Максіма Багдановіча. Вучні паслухалі і паглядзелі відэафайлы вершаў М.Багдановіча «Зімой» (які па праграме вывучаецца ў 5-м класе) і «Слуцкія ткачыхі». Даведаліся пра тое, што кожная краіна мае сваю кветку-сімвал, для Беларусі – гэта васілёк (валошка), як гучыць назва гэтай кветкі на розных мовах (беларускай, рускай, польскай, лацінскай), якога колеру бываюць васількі, якую ролю адыгрываюць кветкі ў нашым жыцці, як і дзе мы іх выкарыстоўваем. На занятку дзеці пазнаёміліся таксама з гербарыямі, якія можна зрабіць з засушаных кветак.
Падчас гульні «Назвы кветак і раслін» вучні павінны былі па малюнку даць назву той ці іншай расліны на рускай мове, а затым назваць яе беларускі адпаведнік. Напрыклад, василёк – васілёк (валошка), подсолнух – сланечнік, клевер – канюшына, лён – лён, вереск – верас, клюква – журавіны, роза – ружа, земляника – суніцы і г.д. Спачатку былі пэўныя цяжкасці, але падчас замацавання пяцікласнікі адразу хорам называлі расліны па-беларуску.
На майстар-класе вучням расказалі пра штучны матэрыял – фааміран, яго ўласцівасці, для чаго ён выкарыстоўваецца і што можна з яго зрабіць. Кожны вучань атрымаў загатоўкі кветкі васілька з фаамірану блакітнага колеру, сцябла і лісцікаў – зялёнага колеру, папяровую аснову паштоўкі з фігурнай рамкай. Навуковы супрацоўнік музея паказаў і дапамог дзецям зрабіць паштоўку з выявай васілька. Гэтыя паштоўкі вучні забралі з сабой у падарунак і на памяць аб нашай сустрэчы. У кожнага пяцікласніка сёння ў руках і ў сэрцах застаўся сімвал нашай Радзімы – васілёк.
Па мілых усмешках і эмоцыях вучняў, відаць, што тэматычны занятак «Кветка Радзімы - васілёк» спадабаўся ўсім. Спадзяемся, што вернемся ў СШ 39 яшчэ не раз.
Вялікі дзякуй настаўніку беларускай мовы і літаратуры Урублеўскай Эме Уладзіміраўне за арганізацыю нашай сустрэчы з вучнямі.
Прапануем усім нашу фотасправаздачу!