Люстэрка – вельмі просты прадмет, але з ім звязана мноства містычных паданняў і легенд. У 16-17 стст. лепшыя з гэтых прадметаў выраблялі ў Венецыі, і кошт аднаго люстэрка мог дасягаць кошту карабля. А заможныя жанчыны прыходзілі на баль у сукенках, упрыгожаных маленькімі люстэркамі, якія выпраменьвалі цудоўнае ззянне ад святла свечак.
У мемарыяльным пакоі «Гасцёўня» Музея Максіма Багдановіча захоўваецца люстэрка кан. ХІХ - пач. ХХ стст. з чароўнымі ўласцівасцямі, у якія цяжка паверыць. Невядома, з якіх часоў лічыцца, што яно мае магічную здольнасць спаўняць мары. Неабходна стаць перад люстэркам, паглядзець сабе ў вочы і загадаць жаданне, самае запаветнае. І яно абавязкова споўніцца! У гэтым не адзін раз пераконваліся наведвальнікі музея (асабліва студэнты перад сесіяй). Тыя, чыё жаданне споўнілася, вяртаюцца, каб загадаць наступнае! А вы яшчэ не верыце? Тады прыходзьце і праверце самі.