Навучэнцы УА «Гродзенскі дзяржаўны электра-тэхнічны каледж імя І.Шчаснага» разам з настаўнікам беларускай мовы Чарняк Аксанай Мікалаеўнай наведалі наш музей, пазнаёміліся з гродзенскім перыядам жыцця сям’і Багдановічаў з 1892 па 1896 гг., з дзяцінствам будучага паэта Максіма Багдановіча, яго творчай спадчынай і перыядамі вучобы ў Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі.
З дапамогай прадметаў побыту і інтэр’еру канца ХІХ – пачатку ХХ стст., экспануемых у мемарыяльных пакоях (гасцёўні, працоўным кабінеце, жаночым і дзіцячым пакоях), наведвальнікі даведаліся пра тое, як магла выглядаць кватэра сям’і дзяржаўнага служачага канца ХІХ ст., да якой належала сям’я Багдановічаў.
Экскурсія была прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы!
Родная мова, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць. (Цётка)