16 лістапада 2016 г. у Новым замку для вучняў Гродзенскай гарадской гімназіі адбыўся ўрок сацыяльнага адукацыйнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom». Урок быў прысвечаны класіку беларускай літаратуры, выдатнаму беларускаму паэту Максіму Багдановічу і прымеркаваны да 125-годдзя з дня нараджэння паэта.
Правёў урок для гродзенскіх вучняў вядомы акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт. На ўроку выступілі і прачыталі вершы М. Багдановіча пісьменніца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Раіса Баравікова, пісьменніца, казачніца Алена Масла, тэлевядучы Аляксандр Улейчык, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка, загадчык літаратурнага аддзела Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Алена Рапінчук.
Цудоўна і эмацыйна прачыталі на памяць вершы М. Багдановіча і самі вучні Гродзенскай гарадской гімназіі.