На магіле Марыі Багдановіч
26 траўня бягучага года супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча Алена Рапінчук і Анастасія Грушэўская, паэт-песеннік, журналіст Таццяна Сілкова наведалі магілу Марыі Багдановіч (22.02.1869, г.Ігумен (суч. г.Чэрвень) – 04.10.1896,г.Гродна).
Паводле ўспамінаў Адама Багдановіча яго каханая Марылька была надзвычай прыгожай і прывабнай жанчынай: «Подвижная, всегда веселая, с искристыми глазами, с косой чудовищной величины, она вдобавок обладала грацией котёнка и той неотразимо чарующей прелестью, которую принято называть женственностью. Её карточки не дают никакого понятия не только о её духовном облике, но даже и о внешнем. Это маска, лишённая жизни; а она была вся сверкающая, поющая, вся движение, радость, восторг».
Як і кожная мама, Марыя Багдановіч вельмі моцна любіла сваіх дзяцей і лічыла іх «...без сравнения лучше всяких других, ей известных».
Настаўніца па адукацыі, Марыя Багдановіч у выхаванні дзяцей прымяняла методыку нямецкага педагога Ф.Фрэбеля. Марыя Апанасаўна шмат чытала, цудоўна іграла на піяніна. У музеі Максіма Багдановіча ў Гродне захоўваецца канверт з Галоўнага дэпо музычных інструментаў і нот, адрасаваны Марыі Багдановіч.
Аўтарству Марыі Багдановіч належыць адзіны вядомы друкаваны твор «Накануне Рождества» (газета «Гродзенскія губернскія ведамасці», № 102, снежань 1893 г.)
Памерла Марыя Апанасаўна праз два месяцы пасля нараджэння дачкі, захварэўшы на сухоты. Пахавана на Гродзенскіх праваслаўных могілках па вул. Антонава. У 1986 г. гарадзенцамі было знойдзена дакладнае месца пахавання Марыі Багдановіч і на яе магіле ўстаноўлены помнік.
Фота – Таццяна Сілкова.