У Музеі Максіма Багдановіча з 23 красавіка 2019 года працуе выстаўка «І душы мацярэй нас могуць чараваці…», прымеркаваная да 150-годдзя з дня нараджэння Марыі Багдановіч.
Вобраз Мадонны – адзін з любімых вобразаў Максіма Багдановіча. Паэт звяртаецца да яго ў паэмах «Вераніка» і «У вёсцы». На выстаўцы прадстаўлены выданні зборніка «Вянок» 1913 г. (факсіміле) і 2005 г., кніга «Максім Багдановіч. Альбом-выстаўка ў школе» (Мінск, 1968 г.). Сваю маці, Марыю Багдановіч, паэт успамінаў заўсёды, калі глядзеў на рэпрадукцыю Сіксцінскай Мадонны Рафаэля, і гэты вобраз быў для яго ідэалам прыгажосці, дабрыні і любові зямнога жыцця. Упершыню ў Музеі Максіма Багдановіча экспануецца карціна «Маці Боская з дзіцяткам Хрыстом і Святой Ганнай» (Заходняя Еўропа, XVII-XVIII стст.).
Марыі Багдановіч прысвяцілі вершы А.Чобат і Д.Бічэль у кнігах «Ты не самотны…» (Гродна, 1997 г.) і «Загасцінец» (Мінск, 1985 г.). Матэрыялы, прысвечаныя маці паэта, увайшлі ў кнігу «Я хацеў бы спаткацца з Вамі…» (укл. Т.Шэляговіч, Мінск, 2009 г.). У 1970 г. у Вялікім тэатры оперы і балета БССР у пастаноўцы «Зорка Венера» ролю Марыі Багдановіч выканала народная артыстка Беларусі Людміла Златава. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены яе фотаздымак пасля прэм’еры спектакля, а таксама групавы фотаздымак аўтараў, пастаноўшчыкаў і ўдзельнікаў прэм'еры.
Да паэтызацыі вобраза маці звярталіся і звяртаюцца многія творцы. Экспануюцца кнігі, у якія ўвайшлі вершы, прысвечаныя маці:
«Ave Maria» М.Танка (Мінск, 1980 г.)
«Матчына душа» У.Караткевіча (Мінск, 1958 г.)
«Пара любові і жалю» Я.Янішчыц (Мінск, 1983 г.)
«Невадам з Нёмана» Л.Геніюш (Мінск, 1967 г.)
«Добры дзень, мама!» У.Васілевіча (Мінск, 1977 г.)
Частка экспануемых кніг – з аўтографамі аўтараў.
На выстаўцы экспануюцца прадметы побыту канца ХІХ – ХХ стст.: падсвечнік, рамка для фотаздымкаў, газавая лямпа, флакон для духоў.
Запрашаем на выстаўку! Уваход для ўсіх – 5 капеек!
Музей працуе з 10.00 да 18.00 (панядзелак – выходны).