...Вечна светлы і вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся - і плачам,
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.
Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.
Менавіта гэтыя радкі з верша У.Караткевіча «Багдановічу» сталі эпіграфам выстаўкі, прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння самага маладога класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча (09.12.1891-25.05.1917).
Яго творчая спадчына ўвайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры. М.Багдановіч, у дзяцінстве разлучаны з родным краем, стаў геніяльным беларускім паэтам, самастойна вывучыў мову продкаў, засвоіў іх мінулае, узняўся да класічных вышынь вершаскладання.
Творчасць М.Багдановіча – паэтычнае пасланне ўсім, хто шукае красу і светласць, рамантыку і маладосць. Вершы паэта заклікаюць да роздуму пра імгненнасць і бясконцасць сусвету, пра таямніцы і радасці зямнога жыцця і загадкавасць смерці, пра сэнс быцця і прызначэнне паэта і паэзіі.
На выстаўцы экспануецца зборнік вершаў М.Багдановіча «Вянок» (1913 г.), а таксама другое выданне «Вянка» (1927 г.), прымеркаванае да 10-годдзя з дня смерці паэта.
Увазе наведвальнікаў прадстаўлены кнігі, прысвечаныя даследаванню жыцця і творчасці паэта: Л.Зубараў «Максім Багдановіч» (1989), Я.Міклашэўскі «Каханне і смерць, або лёс Максіма Багдановіча» (1995), С.Панізнік «У бязмежную даль» (1996), Р.Бярозкін «Чалавек напрадвесні» (1986). Пра жыццё выдатнага беларускага паэта распавядаецца ў мемуарах Зоські Верас «Пяць месяцаў у Менску».
Цікавасць уяўляе кніга «Максім Багдановіч» (2021) - выданне з серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі».
На выстаўцы экспануюцца медаль памятны «Максім Багдановіч. 90 гадоў з дня нараджэння. 1891-1981» і канверт паштовы «120 гадоў з дня нараджэння М.Багдановіча».