Цяжка пераацаніць ролю музыкі ў нашым жыцці. Нездарма герой апавядання Максіма Багдановіча «Музыка» сваёй цудоўнай ігрой на скрыпцы «будзіў» людскія душы. Музыка як від мастацтва сапраўды выклікае шчырыя эмоцыі, абуджае ўспаміны, дапамагае думаць не толькі розумам, але і сэрцам. Гэта каштоўны дар чалавецтву, з дапамогай якога мы можам перадаць наш настрой і пачуцці.
Механічныя музычныя інструменты, якія ўзнаўлялі мелодыю, з’явіліся яшчэ ў эпоху Адраджэння: шарманкі, музычныя гадзіннікі і шкатулкі. А ў 1877 г. Томас Эдысан запатэнтаваў вынайдзены ім фанограф. У гэтым інструменце выкарыстоўваліся валікі, пакрытыя фальгой ці вымачанай ў воску паперай. Іголка, рухаючыся па валіку, прайгравала гукі.
Праз 10 гадоў, у 1887, Эміль Берлінэр вынайшаў грамафон і грампласцінку. А яшчэ праз дзесяцігоддзе пласцінка набыла той выгляд, у якім мы яе ведаем зараз – форму дыска. Грампласцінкі пачалі вырабляць з шэлаку (смалы трапічных насякомых Паўднёвай Азіі), шпагату і сажы. Яны былі крохкімі, як шкло, і дарагімі, таму ў сярэдзіне ХХ ст. іх выцяснілі больш трывалыя і танныя вінілавыя пласцінкі.
Да сярэдзіны 1960-х гг. на пласцінку запісвалі дзве песні: з аднаго боку быў які-небудзь хіт, дзеля якога пласцінку і куплялі, а з другога боку – ужо цалкам іншая песня. З сярэдзіны 1960-х гг. хранаметраж гучання дасягнуў 40 хвілін. Такія альбомы прадавалі ў яркіх канвертах з прыгожымі вокладкамі.
Цікава тое, што гук сучасных пласцінак часам намнога горшы, чым гук тых, што выпускаліся ў мінулым стагоддзі: справа ў тым, што сёння на іх запісваюць спецыяльна ацыфраваную музыку. Увогуле, у адрозненне ад вінілу, большасць лічбавых фарматаў сціскаецца падчас запісу і прайгравання, каб звесці да мінімуму памер файла, таму ён ідэальна падыходзіць для розных прыбораў і можа лёгка перадавацца праз Інтэрнэт. Пры гэтым некаторыя асаблівасці гуку страчваюцца. А вось гук вінтажнай вінілавай прасцінкі можна параўнаць з жывым гукам прафесійнага аркестра! Сапраўдныя знаўцы цэняць не толькі чысціню гуку, але і сам працэс устаноўкі пласцінкі ў прайгравальнік.
У ЗША нават існуе Дзень вінілавых пласцінак – 12 жніўня. А ў 2007 г. быў заснаваны Дзень музычнай крамы, калі па ўсім свеце ў крамах вінілу паступае ў продаж абмежаваны тыраж рэдкіх альбомаў. Гэта свята адзначаецца штогод у трэцюю суботу красавіка.
У Музеі Максіма Багдановіча захоўваюцца грампласцінкі пачатку ХХ ст. з запісамі артыстаў Імператарскай Марыінскай Оперы і Імператарскай Рускай Оперы У.Касторскага, Н.Панінай, Г.Марскога, К.Серабракова, А.Міхайлавай, А.Лабінскага, грампласцінка «Голоса писателей Белорусской ССР», грампласцінка з запісам песень у выкананні ансамбля «Песняры», а таксама грампласцінкі «Вянок» (1989) з запісамі вершаў Максіма Багдановіча.