Так-так, мы не памыліліся з надпісам у загалоўку навіны, а вы нават і не здзіўляйцеся гэтаму незвычайнаму, на першы погляд, спалучэнню словаў.
Сёння завіталі ў наш музей вучні 4 “А” класа УА “Сярэдняя школа № 32 г. Гродна” разам з настаўніцай Ларысай Казіміраўнай Савосцінай на тэматычны занятак “Максімаў домік”.
“Удаль вядуць мяне сляды,
Да вас, дзіцячыя гады...”
На прыкладзе макета спачатку дзеці пазнаёміліся з домам, у якім жыў маленькі Максім са сваімі роднымі, і даведаліся пра значэнні словаў “макет”, “мансарда”, “аканіцы”, “экспанат”. Затым яны ўбачылі першы фотаздымак Максіма, зробленым менавіта ў гродзенскай фотамайстэрні, і даведаліся пра тое, што нарадзіўся Максім у Мінску, а Гродна – гэта горад яго дзяцінства. Вучні ўбачылі адны з самых каштоўных экспанатаў – прыжыццёвы зборнік “Вянок” (1913), асабістыя рэчы Максіма.
З вершамі паэта “Вадзянік” і “Лясун” дзеці пазнаёмілся на прыкладзе адпаведных міфалагічных персанажаў-цацак.
Вандруючы па пакоях мемарыяльнай кватэры, школьнікі зацікавіліся прадметамі мэблі і інтэр’еру канца ХІХ ст., затым згулялі ў гульню “Старадаўнія і новыя рэчы”. Напрыканцы ўсіх чакаў прыемны пачастунак – гарбата з мятай, зробленая па рэцэпту Марыі Апанасаўны – мамы паэта.
Калі і вы жадаеце пазнаёміцца з Максімавым домікам і на свае вочы ўбачыць, як жылі ў ХІХ ст., калі ласка, шчыра запрашаем у музей! І, бясспрэчна, вас таксама чакае пачастунак ад Марыі Апанасаўны.
Мы працуем з 10.00 да 18.00 (выхадны - панядзелак).