12 снежня 2018 г. у Музеі Максіма Багдановіча адбылося мерапрыемства «Краю мой родны!», прымеркаванае да 127-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча і Году малой радзімы.
Святая беларуская зямля, мілая і дарагая сэрцу мясціна! Край паэтаў і ваяроў, рамантыкаў і шчырых духам людзей. Далёка на чужыне, у Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі, любоў да Радзімы была самым трапяткім, самым гарачым пачуццём М.Багдановіча. Родны край здаваўся яму дзівоснай казкай, поўнай незвычайных таямніц.
Жывём мы на гэтай чароўнай зямлі і ў штодзённай мітусні часам і не заўважаем яе хараства, прывыкаем да ўсёй прыгажосці краю роднага, “як выклятага Богам”. Краю, у якім паветра мае гаючую сілу, чыстая крынічная вада з’яўляецца жывой вадой, а рукамі чалавека створана ўсё самае прыгожае і значнае на зямлі.
У літаратурна-музычным мерапрыемстве «Краю мой родны!» прынялі ўдзел прадстаўнікі Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: паэтэса, празаік, перакладчык, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч, паэт, публіцыст, бард Анатоль Апанасевіч, маладая паэтэса Вікторыя Смолка. Каштоўным падарункам для музейнага фонду стала кніга Аляксандра Наўроцкага «Цень яго анёла» ў перакладзе з польскай мовы Людмілы Кебіч.
Як заўсёды, шмат духоўнай энергіі і жыццялюбства прагучала ў выступленні літаратуразнаўцы, прафесара Аляксея Пяткевіча. Усё сваё жыццё прысвяціла вывучэнню і выкладанню жыцця і творчасці Максіма Багдановіча студэнтам розных узростаў і пакаленняў паэтка, празаік, літаратуразнаўца Ала Петрушкевіч. У падарунак ад аўтара музей атрымаў кнігу «Белавежа»: постаці, творы, героі».
Вершы Максіма Багдановіча саграваюць цяплом і святлом душы ўсіх яго нашчадкаў. Душы гасцей мерапрыемства «Краю мой родны!» былі сагрэты яшчэ і яскравым выступленнем дуэта маладых таленавітых музыкантаў Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа – Бубен Данііла (гітара) і Рыбака Аляксандра (домра). Выкладчык – Уладзімір Захараў.
З малых гадоў чалавек вучыцца любіць і ганарыцца Радзімай, вучыцца шанаваць яе мінуўшчыну і традыцыі, вывучае родную мову і літаратуру. Павіншаваць усіх гасцей мерапрыемства прыйшлі вучні 4 «О» класа УА «Гімназія № 4 г.Гродна». Дзеці цудоўна падрыхтаваліся да выступлення, вывучылі вершы беларускіх пісьменнікаў пра нашу Радзіму. Арэшчанка Кацярына прачытала верш У.Карызны «Люблю цябе, Белая Русь», Рапінчук Яўген прачытаў верш Э.Агняцвет «Зямля з блакітнымі вачамі», Джангіраў Міхаіл падрыхтаваў верш Н.Гілевіча «Я – беларус», Ярмак Соф’я – верш П.Броўкі «Дарагая Беларусь».
Даспадобы ўсім гасцям прыйшліся дзве міні-віктарыны: “Ці праўда, што…” і “Жамчужыны нашай Гародні”, падрыхтаваныя і праведзеныя супрацоўнікамі музея.
Упершыню ў музейным мерапрыемстве прынялі ўдзел гродзенскія паэтэсы, прадстаўнікі літаратурнага аб’яднання “Надзея” – Лілія Шалешка і Таццяна Лугавая. Шчыры ўсім дзякуй! Да новых сустрэч!