18 мая ў Міжнародны дзень музеяў пажылыя людзі з Цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г.Гродна прынялі ўдзел у мерапрыемстве “Па-над белым пухам вішняў...”.
“Маёвая песня”
Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’'ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.
Навакол усё паветра
Ў струнах сонца залатых, —
Ён дрыжачымі крыламі
Звоніць ледзьве чутна ў іх.
I ліецца хваляй песня, —
Ціхі, ясны гімн вясне.
Ці не сэрца напявае,
Навявае яго мне?
Ці не вецер гэта звонкі
Ў тонкіх зёлках шапаціць?
Або мо сухі, высокі
Ля ракі чарот шуміць?
Не паняць таго ніколі,
Не разведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкі,
Што ляцяць, дрыжаць, звіняць.
Песня рвецца і ліецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Госці пазнаёміліся з 4-х пакаёвай мемарыяльнай кватэрай музея, даведаліся пра падрабязнасці з жыцця сям’і Багдановічаў у Гродне, пра дзяцінства Максіма Багдановіча і яго братоў, пра працоўную дзейнасць Адама Ягоравіча ў Гродне.
Падчас мерапрыемства пенсіянеры прачыталі вершы Максіма Багдановіча.
Напрыканцы сустрэчы супрацоўнікі музея правялі майстар-клас па вырабу арыгамі-матылькоў, якія засталіся кожнаму наведвальніку ў падарунак на памяць аб нашай сустрэчы.