Партрэт - жанр выяўленчага мастацтва, які паказвае індывідуальныя рысы канкрэтнага чалавека. Аднак задача мастака - не проста адлюстраваць на палатне знешнасць мадэлі, але і раскрыць характар і ўнутраны свет. Больш таго, партрэт перадае сацыяльны статус мадэлі і прыналежнасць да эпохі.
У аснове тэрміна «партрэт» ляжыць старафранцузскае слова portraire 'перадача чаго-небудзь вельмі дакладна', якое першапачаткова магло адносіцца да выяў абсалютна любых прадметаў. Ужываць тэрмін portrait выключна ў адносінах да выявы канкрэтнага чалавека пачалі толькі ў XVII стагоддзі.
Першым з'яўленнем партрэта можна лічыць жаночыя абліччы, намаляваныя на фрэсках XVI стагоддзя да н.э., знойдзеныя археолагамі на востраве Крыт. Мастацтва партрэта ў Старажытным Рыме і Старажытнай Грэцыі пакінула вялікі след толькі ў скульптуры: майстры стваралі ідэалізаваныя вобразы эліты - палітыкаў, ваеначальнікаў, філосафаў і паэтаў. Жывапісныя партрэты Старажытнага Егіпта служылі для магічных рытуалаў і выконваліся на палатне або драўляных дошках. Мастацтва Сярэднявечча пад уплывам царквы стварала рэлігійныя вобразы.
Росквіт партрэта пачаўся ў эпоху Адраджэння, калі знешняя прыгажосць, гармонія паміж моцным духам і целам набылі вялікае значэнне. З’явіліся партрэты ў поўны рост, пагрудныя, паясныя і пакаленныя.
У XVIII-XIX стагоддзях усё часцей на партрэтах з'яўляліся не знатныя асобы і іх сем'і, а простыя людзі ў паўсядзённым асяроддзі. Дадзены жанр стаў адным з самых яркіх спосабаў перадаць настрой і дух эпохі.
У музеях і галерэях захоўваюцца партрэты самых розных асоб – ад манархаў мінулых стагоддзяў да папулярных дзеячаў сучаснай культуры. У нашым музеі наведвальнікаў сустракае партрэт Максіма Багдановіча, створаны знакамітым беларускім мастаком-манументалістам Сяргеем Грыневічам у 1998 годзе. Вялікае (130 х 97 см) палатно напоўнена паэтычнай абаяльнасцю, прасякнута задуменнасцю і лёгкім сумам, перадае душэўную мяккасць і дабрыню паэта.