23 студзеня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень почырка, або Дзень ручнога пісьма (National Handwriting Day), мэтай якога з’яўляецца неабходнасць падкрэсліць важнасць каліграфічнага почырка і нагадаць усім нам пра ўнікальнасць ручнога пісьма, пра неабходнасць практыкавацца ў ім, пра непаўторнасць почырка кожнага чалавека.
У сучасным грамадстве, калі шарыкавую ручку амаль поўнасцю замяніла клавіятура, важна не згубіць такую адметную асабістую рысу, як почырк. І сярод ідэнтычных копій дакументаў, што з’явіліся на свет з дапамогай прынтэра, тым большую каштоўнасць набывае ліст, напісаны ад рукі. Почырк, як і міміка, адлюстроўвае характар і эмоцыі чалавека.
Рукапіс сучаснага аўтара, як правіла, уяўляе сабой дакумент, створаны ў тэкставым рэдактары – акуратны, бездакорны, ідэальна вывераны і … безаблічны. Аўтографы ж паэтаў і пісьменнікаў, напісаныя на жаўтаватай ад часу паперы пяром, алоўкам, пёравай або шарыкавай ручкай, з аўтарскімі праўкамі, запісамі на палях, падкрэсліваннямі таго, што падалося аўтару найбольш значным, уяўляюць сабой сапраўдны скарб для даследчыкаў і графолагаў. Па памеры і нахіле літар, накірунку почырка, асаблівасцях напісання слоў і сіле націску ручкі (алоўка) спецыяліст можа не толькі расказаць аб характары і тэмпераменце чалавека, але і яго эмацыянальным стане на час напісання.
Рукапісы з’яўляюцца найважнейшай часткай музейных калекцый, яны старанна зберагаюцца і дасканала даследуюцца. У фондах літаратурнага аддзела захоўваюцца рукапісы твораў вядомых беларускіх пісьменнікаў і літаратараў: Д.Бічэль (першага дырэктара Музея Максіма Багдановіча ў Гродне), В.Быкава, А.Карпюка, З.Верас, У.Караткевіча, М.Танка, П.Панчанкі, Р.Барадуліна, А.Пяткевіча, Н.Гілевіча, М.Дуксы, А.Іверса, Л.Геніюш, П.Сяўрука, В.Віткі, Э.Агняцвет, Я.Янішчыц, Ю.Голуба, Н.Арсенневай, Н.Мацяш, І.Багдановіч, М.Скоблы і інш.
Каштоўным і значным набыткам літаратурнага аддзела з’яўляюцца аўтографы твораў (лісты, аркушы з запісамі, нататнікі, дароўныя надпісы на кнігах і інш):
Дануты Бічэль – аўтограф верша «Максімаў домік у Гародні»
Уладзіміра Караткевіча – аўтографы вершаў «Багдановічу», «Каложа»
Максіма Танка – аўтограф верша «Над магілай Багдановіча»
Рыгора Барадуліна – аўтограф верша «Максім Багдановіч»
Зоські Верас – рукапіс успамінаў «Старое Гродна»
Васіля Быкава – аркушы да аповесцяў «Сотнікаў», «Знак бяды», сшыткі і нататнікі з запісамі
Аляксея Карпюка – «Франтавы дзённік», лісты-трохкутнікі да бацькоў з фронту
Адама Багдановіча – лісты да жонкі Марыі Багдановіч, надпісы на канвертах
Вадзіма Багдановіча (роднага брата паэта) – ліст да Сямёна Гарбачыка
А.Пешкавай – ліст да Паўла Багдановіча (зводнага брата паэта)
У літаратурных залах музейнай экспазіцыі да ўвагі наведвальнікаў прадстаўлены ўзоры почырку Максіма Багдановіча (рукапісы некаторых вершаў, крытычных артыкулаў, лістоў, паштовыя карткі).
Прыгожыя, роўныя, «бісерныя» літары захоўваюць таямніцы характару і душэўнага стану паэта. Паводле ўспамінаў Адама Багдановіча, аднойчы Максім паспрачаўся са сваім знаёмым і напісаў усю малітву «Ойча наш» у адзін радок звычайнага вучнёўскага сшытка!
Адно з заданняў музейнага квэста «Вандроўка ў мінулае» заснавана на тым, каб яго ўдзельнікі знайшлі ўзоры почырка Максіма Багдановіча сярод прапанаваных аўтографаў з почыркамі розных паэтаў і пісьменнікаў. На памяць аб квэсце «Вандроўка ў мінулае» кожны ўдзельнік атрымлівае паштоўку, на якой почыркам Максіма Багдановіча пазначаны Яраслаўскі адрас паэта (з копіі паштовай карткі).