Навалачкі на падушкі ўпершыню з’явіліся ў дамах шляхетных сем’яў. У адным стылі з пасцельнай бялізнай ствараліся мадэлі навалачак пераважна з ільну або шоўку, у некаторых краінах – з шоўку або дамаску. Навалачкі ўпрыгожвалі вышыўкай, залатымі ніткамі, тасьмой. Каштавалі яны дорага, таму звычайныя людзі не мелі падобных чахлоў для падушак. Яны сталі даступнымі для ўсіх катэгорый насельніцтва пазней, калі іх выраб набыў масавую вытворчасць. Сёння для вырабу навалачак выкарыстоўваюць шоўк, батыст, лён, бязь, сацін, паркаль.
У Музеі Максіма Багдановіча вы можаце ўбачыць навалачку з маркізету.
Маркізетам называюць тонкую напаўпразрыстую тканіну. Першапачаткова матэрыял выраблялі з бавоўны і шоўку, у наш час выкарыстоўваюць таксама і віскозу. Гэтую лёгкую паветраную тканіну вельмі любілі модніцы мінулых стагоддзяў. Яе лічылі ідэальнай для шыцця дзіцячага і жаночага адзення на гарачую пару года або для сподняй бялізны.
Гісторыя гэтай тканіны налічвае тры стагоддзі, а сваёй назвай яна абавязана пышным і напаўпразрыстым фіранкам, якія да гэтага часу называюць «маркізамі». Лёгкі і трывалы матэрыял, які стаў модным у эпоху ракако, і сёння карыстаецца попытам. Маркізет экалагічны, бяспечны для здароўя, не выклікае алергічных рэакцый і раздражненняў на скуры, не перашкаджае паветраабмену, дазваляе скуры дыхаць. Дзякуючы моцнай скручанасці нітак тканіна валодае вельмі высокай гіграскапічнасцю. Маркізет вельмі тонкі, добра драпіруецца, лёгка адмываецца і прасуецца, выдатна трымае форму, не выцягваецца, устойлівы да ўздзеяння сонечных промняў.
Навалачка на падушцы, якая экспануецца ў інтэр’еры аднаго мемарыяльнага пакоя нашага музея, была выраблена ў 1-й чвэрці ХХ ст. з маркізету белага колеру, зашпіляецца на 4 перламутравыя гузікі. Яе пярэдні бок уяўляе сабой ажурную тонкую сетку з вышытым на ёй раслінным арнаментам.