Напрыканцы студзеня бягучага году Гродзенскім гарадскім грамадскім аб’яднаннем ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сіл было прынята рашэнне аб перадачы прадметаў музейнага значэння ў фонды Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея на пастаяннае захоўванне. Як вядома, пры аб’яднанні ветэранаў існаваў грамадскі музей Васіля Быкава і бібліятэка «Спадчына». Стваральнікам музея быў філолаг, пісьменнік, былы старшыня аб’яднання Мікалай Аляксандравіч Мельнікаў (1923-2012). З 2012 г. в.а. старшыні Гродзенскага гарадскога грамадскага аб’яднання ветэранаў і кіраўніком грамадскага музея В.Быкава быў абраны журналіст, пісьменнік Аляксей Сідаравіч Дзямідовіч.
Зараз навуковыя супрацоўнікі УК «Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей» афармляюць дакументы на перадачу прадметаў з грамадскага музея Васіля Быкава.
Сярод прадметаў – асабістыя рэчы Васіля Быкава: аўтаручкі, нож для паперы, кававарка, дарожная сумка, дыпламат, пішучая машынка, а таксама прадметы вопраткі: кіцель-фрэнч, кашуля, гальштук, кашнэ, берэт, рэмень і інш. Фонды музея папаўняюцца арыгінальнымі фотаздымкамі народнага пісьменніка, на якіх Васіль Быкаў каля Нёмана, на Замкавай гары, на вуліцах горада, дзе ён пражыў 25 гадоў. Значную колькасць прадметаў склалі выданні твораў Васіля Быкава і іх пераклады на розныя мовы свету, у тым ліку з аўтографамі Васіля Быкава і вядомых беларускіх і замежных аўтараў. Сярод дакументаў – візітоўкі, лісты, тэлеграмы і віншавальныя паштоўкі В.Быкаву ад пісьменнікаў, журналістаў, супрацоўнікаў музеяў, школьнікаў, сяброў і родных. Каштоўным набыткам музейнага збору з’яўляюцца аркушы рукапісу аповесці «Сотнікаў» з праўкамі Васіля Быкава. Гэтыя і іншыя прадметы ў свой час былі перададзены грамадскаму музею Васіля Быкава ад родных і знаёмых народнага пісьменніка.