З 16 мая 2016 г. у музеі Максіма Багдановіча дзейнічае выстаўка «Ад родных ніў…», прымеркаваная да 30-годдзя з дня адкрыцця першай экспазіцыі музея, урачыстае адкрыццё якой адбылося 16 мая 1986 г.
На выстаўцы экспануюцца фотаздымкі і кнігі, якія адлюстроўваюць гісторыю музея. Арыгінальнымі і цікавымі з’яўляюцца фотаздымкі з мерапрыемства 1986 г., на якім прысутнічалі вядомыя навукоўцы, даследчыкі, літаратары і жыхары г. Гродна, а таксама фотаздымкі тагачаснай экспазіцыі «Максім Багдановіч – класік беларускай літаратуры і яго эпоха», першую экскурсію па якой правяла Данута Бічэль – старэйшы навуковы супрацоўнік музея, паэтэса, лаўрэат Дзяржаўная прэміі БССР імя Я. Купалы. У 1990 г. Данута Бічэль стала загадчыцай літаратурнага аддзела, а ў 1995 г. – першым дырэктарам Музея Максіма Багдановіча.
У 1990-я гг. быў праведзены капітальны рамонт і перапланіроўка будынка, створана новая экспазіцыя. Работы праводзіла група мастакоў пад кіраўніцтвам В. Пратасені, аўтар экспазіцыі – Д. Бічэль.
Урачыстае адкрыццё адноўленай экспазіцыі адбылося 26 мая 1994 г., сярод ганаровых гасцей на адкрыцці прысутнічалі Міністр культуры і друку Рэспублікі Беларусь (1994-1996) Анатоль Бутэвіч, Народны паэт БССР Ніл Гілевіч і інш.
Экспазіцыя музея дзейнічае да гэтага часу і складаецца з наступных залаў: «Гродзенскі перыяд жыцця сям’і Багдановічаў», «Літаратурна-грамадскі рух на Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стст.» і 4-х мемарыяльных пакояў: кабінета бацькі, гасцёўні, жаночага і дзіцячага пакояў, а таксама экспазіцыі «Гродзеншчына літаратурная», прысвечанай паэтам і пісьменнікам Прынёманскага краю.
Цікавымі для наведвальнікаў з’яўляюцца кнігі: «Я хацеў бы спаткацца з вамі» (Гродна, 1991), «Дарогамі Максіма Багдановіча” (Гродна, 1991), «Ты не самотны…» (Гродна, 1997), «У вянок Максіма Багдановіча» (Гродна, 2002).