Васілёк квітнее на палях і ўздоўж дарог ад чэрвеня да позняй восені.
Лацінская назва кветкі – Centaurea cyanus. Па адной з легенд яна паходзіць ад імя кентаўра Цырона, які сокам васілька вылечыў рану, што была нанесена яму Лярнейскай гідрай. Згодна з другой легендай назва паходзіць ад імя юнака Цыянуса, які вельмі любіў гэтыя кветкі (цыянус са старажытнарымскага перакладаецца як "сіні").
У беларукай мове існуюць дзве назвы кветкі: васілёк і валошка.
Ёсць версія паходжання назвы кветкі, згодна з якой пасля смерці Ісуса Хрыста рымляне загадалі закапаць яго крыж, а зверху пасеяць насенне блёкату. Але Бог даў насенне прыгожай сіняй кветкі нейкаму Васілю, і той пасеяў яго над крыжам. Па гэтых кветках праз стагоддзі і знайшлі крыж Гасподні пад зямлёй.
Васількі шырока прымяняюцца ў медыцыне. Выкарыстоўваюцца яны і ў касметыцы, і ў якасці прыправы, і як дэкаратыўныя расліны. А яшчэ гэта кветка - добры меданос. Раней засушанымі васількамі ўпрыгожвалі абразы, упляталі кветкі ў касу нявесты. Васільковаю вадою дзяўчаты мылі твары, настоем з гэтых кветак - галаву, а таксама лячылі розныя хваробы.
Услаўляў гэту кветку ў сваіх вершах і Максім Багдановіч. У адным з самых вядомых яго вершаў “Слуцкія ткачыхі” ёсць такія радкі:
“…Цямнее край зубчаты бора…
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька.”
Сімвалам Радзімы выступае васілёк у вершы паэта "На чужыне".
“Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць.
Маркотна між іх я хаджу адзінок,
Аж бачу – мне сіняй галоўкай ківае
Наш родны, забыты ў цяні васілёк…”
Васілёк узгадваецца і ў “Апокрыфе” Максіма Багдановіча: “Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?”
У нашым музеі праводзіцца тэматычны занятак з майстар-класам “Кветка Радзімы – васілёк”. Падчас занятка вучні даведваюцца, у якіх вершах М.Багдановіча ўзгадваецца кветка васілёк, як гэта назва гучыць на розных мовах (лацінскай, рускай, беларускай, польскай), якога колеру бываюць васількі і якую ролю адыгрываюць кветкі ў нашым жыцці. Падчас занятка ў вучняў ёсць магчымасць сваімі рукамі зрабіць з фаамірану паштоўку з васільком.