З 19 лютага 2017 г. у музеі дзейнічае выстаўка «Усе мы разам ляцім да зор…». Выстаўка прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага.
Як вядома, яшчэ ў пачатку ХХ ст. уздым беларускай культуры прывеў да павелічэння колькасці беларускіх тэкстаў і далучэння да беларускага пісьмовага слова мільёнаў людзей. Беларуская мова стала мовай дзяржаўных і грамадскіх устаноў, мовай школы і навукі, мовай мастацкай літаратуры, перыядычнага друку, радыё. Пачалося сістэмнае даследаванне фанетычнага, лексічнага граматычнага ладу беларускай літаратурнай мовы.
На выстаўцы прадстаўлены кнігі:
- Гарэцкая Л. «Родны край» (Вільня, 1923);
- Паўловіч С. «Zasieuki» (Bielaruski lemantar dla chatniaha navucannia) (Вільня, 1937);
- Паўловіч С. «Першыя зярняткі» (Беларуская граматыка для хатняга навучаньня) (Вільня, 1936).
Кнігі ў тыя часы маглі выкарыстоўвацца і для самастойнага вывучэння беларускай мовы ў хатніх умовах. У тэкстах і малюнках кніг узнаўляўся працоўны быт беларуса, вобразныя рэаліі жыцця беларускай школы.
У літаратурна-мастацкім часопісе «Калоссе» былі змешчаны артыкулы па гісторыі Беларусі, беларускай мове і літаратуры, краязнаўству, а таксама публіцыстычныя, літаратурна-крытычныя і мастацкія творы песняроў беларускага слова Я. Купалы і Я. Коласа.
У папулярным на той час «Беларускім календары» друкаваліся каштоўныя практычныя парады для гаспадароў, а ў раздзеле «З роднай нівы» публікаваліся творы вядомых беларускіх пісьменнікаў, гісторыкаў, краязнаўцаў.
На выстаўцы таксама экспануюцца скрынка для алоўкаў, чарніліца ў выглядзе галавы сабакі, лямпа газавая першай паловы ХХ ст.
Кошт – 5 кап.