6 чэрвеня заслужаны працаўнік культуры Рэспублікі Крым, лаўрэат прэміі М. Багдановіча (1996 г.), першы намеснік старшыні Рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Рэспублікі Крым “Беларусы Крыма” і старшыня беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Сябрына” горада Алушты Віталій Мікалаевіч Бартохаў наведаў Музей Максіма Багдановіча.
Грамадская арганізацыя «Рэгіянальная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Рэспублікі Крым “Беларусы Крыма”» – аб’яднанне грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія адносяць сябе да этнічнай супольнасці беларусаў на аснове іх добраахвотнай самаарганізацыі ў мэтах самастойнага вырашэння пытанняў захавання самабытнасці, развіцця мовы, адукацыі, нацыянальнай культуры. Аўтаномія прыкладвае значныя намаганні для захавання памяці М. Багдановіча, даглядае магілу вялікага паэта, члены арганізацыі праводзяць традыцыйныя творчыя вечары ў гонар класіка.
Адным з сумесных праектаў арганізацыі і вядомага беларускага пісьменніка Андрэя Герашчанка з’яўляецца выданне зборніка “Зеленя” М. Багдановіча (2023). У кнігу ўключаны пераклады твораў Багдановіча на ўкраінскую мову, артыкул пра значэнне Крыма ў паэзіі і лёсе паэта.
Дзякуем Віталію Мікалаевічу за такі падарунак музею, за пранікнёны выступ з творамі М. Багдановіча. Жадаем натхнення і далейшых творчых поспехаў!