Паэтычны зборнік Якуба Коласа «Водгульле» займае асобную старонку ў творчай спадчыне пісьменніка. Гэта другі зборнік вершаў паэта, які быў выдадзены ў Мінску ў 1922 г. пасля вяртання Я.Коласа на радзіму. У 1915 г. паэт быў прызваны ў армію, скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча, быў накіраваны ў Перм у запасны полк, а затым начальнікам эшалона на Румынскі фронт. У сувязі з цяжкай хваробай Я.Колас быў дэмабілізаваны, пэўны час працаваў настаўнікам і школьным інспектарам у Курскай губерніі.
У зборнік «Водгульле» ўвайшлі вершы, напісаныя Я.Коласам з 1908 па 1921 гг., у якіх аўтар імкнуўся паказаць жыццё ва ўсёй яго шматграннасці і супярэчлівасці.
У 2022 г. было падрыхтавана факсімільнае выданне «Водгульле», прымеркаванае да 100-годдзя яго выхаду ў друку. Як адзначыла Васіліна Міцкевіч, праўнучка Я.Коласа і аўтар прадмовы да кнігі, гэтым выданнем Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа распачаў серыю факсімільных выданняў да памятных і юбілейных дат. Цікава тое, што наклад факсімільнага выдання такі, як і ў арыгінала, − 99 асобнікаў.
На фотаздымках: Аляксандр Крыжэвіч, Васіліна Міцкевіч, Вольга Наважылава, Алена Рапінчук, Анастасія Грушэўская і ... «Водгульле».