30 верасня 2015 г. у Музеі Максіма Багдановіча адбылася прэзентацыя паэтычнага зборніка Наталлі Русецкай «Каштаны ў кішэнях».
Дзяцінства і гады вучобы Наталлі прайшлі ў Мінску. Зараз яна піша вершы, займаецца перакладамі, даследуе беларускую літаратуру. Выдала паэтычны зборнік «Два бяссонні» (2004), манаграфію «Сямейная муза. Паэзія Францішкі Уршулі Радзівіл» (2007), пераклала на беларускую мову шэраг твораў Ф. У. Радзівіл, С. І. Віткацыя, У. Шымборскай.
Падчас выступлення паэтка парадавала ўдзельнікаў мерапрыемства сваімі цудоўнымі вершамі і падкрэсліла прыгажосць і сапраўднасць любімай ёю Гародні.
У праграме прынялі ўдзел адказны сакратар часопіса «Дзеяслоў» Анатоль Івашчанка, гродзенскія паэты і літаратуразнаўцы Ала Петрушкевіч і Анатоль Брусевіч.
Паэтычную атмасферу мерапрыемства прыемна падтрымала бард-спявачка з Мінска Таццяна Беланогая. У яе выкананні прагучалі як аўтарскія песні, так і песні на вершы выдатных беларускіх паэтаў М. Багдановіча і Я. Янішчыц.