Бягучы 2016 год з'яўляецца Годам культуры ў Беларусі. Для Музея Максіма Багдановіча ў Гродне ён адзначаны шэрагам мерапрыемстваў і памятных дат.
Самыя значныя – гэта 125-годдзе з Дня нараджэння беларускага паэта і 30-годдзе з дня адкрыцця першай экспазіцыі музея (16 траўня 1986 г.).
Праз пэўны час экспазіцыйныя плошчы музея значна пашырыліся, і ў 1994 г. была створана новая музейная экспазіцыя, якая дзейнічае зараз і прысвечана жыццю і творчасці класіка беларускай літаратуры М. Багдановіча і вядомым літаратарам Гродзеншчыны.
На ўрачыстым адкрыцці музейнай экспазіцыі 26 траўня 1994 г. прысутнічаў Міністр культуры і друку Анатоль Бутэвіч.
Праз 22 гады, 23 сакавіка 2016 г., Анатоль Бутэвіч наведаў Музей Максіма Багдановіча і разам з вучнямі Гімназіі №1 імя Я.Ф.Карскага прысутнічаў на тэатралізаванай экскурсіі «Марыя Апанасаўна запрашае».
Анатоль Бутэвіч пачаў друкавацца з 1969 г. Працуе ў жанры дзіцячай і гістарычнай літаратуры, публіцыстыкі, займаецца перакладамі з польскай, украінскай і рускай моў на беларускую, з беларускай на рускую. Ён аўтар кніг:
- «Званы Нямігі» (Мінск, 2002);
- «Адвечны покліч Радзімы» (Мінск, 2004);
- «Славутыя родам сваім» (Мінск, 2006);
- «Перуновага племені дзеці» (Мінск, 2008);
- «Пад небам беларускага слова» (Мінск, 2007);
- «Раскіданае гняздо крывіцкай славы» (Мінск, 2008);
- «Каралева не здраджвала каралю, або Каралеўскае шлюбаванне ў Новагародку» (Мінск, 2009);
- «Таямніцы Мірскага замка. Падарожжа па сівых мурах з Адамам Міцкевічам» (Мінск, 2011);
- «Таямніцы Нясвіжскага замка. Падарожжа ўглыб стагоддзяў з Уладзіславам Сыракомлем» (Мінск, 2013).
У падарунак музею Анатоль Бутэвіч перадаў кнігу «Пацалунак на фоне гор», якая будзе каштоўным набыткам музейнага збору.