Ці здаралася вам трапляць у няёмкія сітуацыі? Прапануем вашай увазе адзін выпадак, які здарыўся з пісьменнікам Аляксеем Карпюком (1920 – 1992). Пазней пра гэта было надрукавана ў кнізе ўспамінаў «Развітанне з ілюзіямі» (Гродна – Вроцлаў, 2008).
Адразу пасля вайны, яшчэ студэнтам, Аляксей прачытаў у газеце загад, згодна якому ўдзельнікам баёў за Берлін належыць спецыяльны медаль. Узрадаваны, ён пабег у ваенкамат, дзе капітан, зірнуўшы ў спіс палкоў, што бралі сталіцу Германіі, не знайшоў сярод іх роту, у якой служыў Аляксей Карпюк. Аляксей Нічыпаравіч, які чатыры дні ваяваў на вуліцах Берліна і нават быў цяжка паранены, доўгі час не мог знайсці сабе месца ад крыўды і вырашыў напісаць скаргу маршалу Жукаву, які сярод вайскоўцаў карыстаўся вялікім аўтарытэтам. А паколькі пісаць лісты ён страшэнна не любіў, то вырашыў адным махам напісаць і свайму дзядзьку Мікалаю, які пасля вайны пераехаў пад Джанкой і дасылаў свайму пляменніку лісты, поўныя роспачы і адчаю.
«Дарагі дзядзя! – пісаў Аляксей, – крыху пацярпіце! Хутка ўсё грунтоўна пераменіцца! У нашай Гародні, напрыклад, жыццё ўжо з кожным днём відавочна наладжваецца! У камісійных магазінах сёння можна сабе купіць нават булку, ікру!.. Напэўна, будзе неўзабаве так і ў вашым Джанкоі! Мой бацька цяпер працуе дырэктарам млына ў Ваўкавыску, прысылае мне кумпякі каўбасы. Прышліце свайго каторага хлопца да нас, ахвотна сім-тым падзелімся – я ж не ведаў, што вам аж так цяжка!..»
На заканчэнне паклаў яшчэ дадатак да пісьма – фота, на якім ён красаваўся ў атачэнні дзяўчат.
Праз два тыдні з Джанкоя прыйшоў канверт з запіскай:
«Дарагі пляменнічак, ты нешта блытаеш – прымаеш мяне за маршала. Ці не дзеўкі табе ўскружылі галаву?»
Аляксей зразумеў, што ліст да Жукава ён паклаў у канверт, адрасаваны дзядзьку, і наадварот, ліст, адрасаваны дзядзьку, адправіў па пошце маршалу Жукаву.
Прайшоў час, і тагды, калі Аляксей Карпюк цалкам забыўся пра сваю памылку, аднойчы на перапынку ў інстытуце яго паклікалі – ля ўваходу чакаў маёр з пакетам. Пахаладзеўшы ад страху, Аляксей падышоў да афіцэра і ўзяў шэры пакет, у якім ляжаў яго ліст, фотакартка і фірменны бланк з прыпіскай: «Вы ошибочно принимаете маршала Жукова за своего родственника. Приложение: письмо и фотография – только адресату. Начальник секретариата подполковник адм. службы Апостолов».
Гэты ліст Аляксей адправіў у Джанкой, каб дзядзька пераканаўся на ўласныя вочы, што пляменнік сапраўды зрабіў прамашку і перастаў крыўдаваць.
На жаль, ліст да адрасата не дайшоў. Аляксею на памяць застаўся бланк з грыфам «Секретариат Главнокомандующего Сухопутными Войсками Вооруженных Сил СССР».