30 сакавіка спаўняецца 90 гадоў Аляксею Міхайлавічу Пяткевічу - беларускаму пісьменніку, літаратуразнаўцу, краязнаўцу. Аляксей Пяткевіч - кандыдат філалагічных навук, прафесар, дацэнт кафедры беларускай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, ганаровы член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябра Міжнароднага Купалаўскага Фонду.
Аляксей Міхайлавіч нарадзіўся ў 1931 годзе ў вёсцы Новы Свержань (зараз Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці) у сям’і рабочага. Менавіта ад бацькі, які любіў чытаць і быў цудоўным апавядальнікам, атрымаў любоў да кнігі і мастацкага слова.
У 1954 годзе А.Пяткевіч скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а праз тры гады - аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры ўніверсітэта. З 1957 года Аляксей Міхайлавіч жыве ў Гродне. Вёў на Гродзенскай абласной студыі тэлебачання штомесячную перадачу «Кнігарня» (1973-1974 і 1976-1989). Амаль усё жыццё працаваў у Гродзенскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Янкі Купалы. Узнагароджаны дзяржаўнымі медалямі.
Аляксей Пяткевіч - аўтар 527 літаратурна-крытычных і культуралагічных работ, у тым ліку 16 кніг. Сярод якіх – «Літаратурная Гродзеншчына», «Людзі культуры Гродзеншчыны», «Старонкі спадчыны», «Слова і кніга Прынёмання», «Аўтографы – разам» і іншыя. Друкаваўся ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Крыніца», «Роднае слова», «Дзеяслоў», «Arche», «Bialoruskie Zeszyty Historyczne», газетах «Літаратура і мастацтва», «Літаратурная Беларусь», «Культура», «Звязда», «Настаўніцкая газета», «Наша ніва», «Гродзенская праўда» і інш., энцыклапедыях, навуковых зборніках.