У гісторыі беларускай літаратуры імя Максіма Багдановіча (1891-1917) – адно з найпрыгажэйшых і, разам з тым, найбольш трагічнае. Калі разважаеш пра паэтаў, чыё зямное існаванне рана абарвалася, здзіўляешся таму, як многа яны паспелі сказаць сучаснікам і нашчадкам. Зернейкі паэзіі М.Багдановіча пусцілі такія глыбокія карані, што да сённяшняга дня даюць багаты плён.
Прырода надзяліла Максіма Багдановіча шматгранным талентам. Выдатны паэт, публіцыст і празаік, таленавіты крытык і бліскучы перакладчык, глыбокі даследчык і тэарэтык літаратуры, грамадскі дзеяч – такім жыве ў нашай свядомасці незабыўны М.Багдановіч.
У Вільні на пачатку 1914 г., у друкарні Марціна Кухты, пры грашовай падтрымцы Магдалены Радзівіл, быў выдадзены адзіны прыжыццёвы зборнік твораў Максіма Багдановіча «Вянок» (на кнізе пазначаны 1913 год).
У літаратурным аддзеле УК «Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей» экспануюцца два арыгінальныя экземпляры зборніка «Вянок»: першы – з аўтографамі Адама Багдановіча, бацькі паэта, Ганны Валасовіч-Гразновай, стрыечнай сястры паэта, Янкі Брыля, беларускага пісьменніка, які падараваў кнігу музею; другі – з аўтографам Ларысы Геніюш, беларускай пісьменніцы, грамадскага дзеяча.