7 ліпеня спаўняецца 139 гадоў з Дня нараджэння класіка беларускай літаратуры народнага паэта БССР Янкі Купалы (сапр. Іван Дамінікавіч Луцэвіч, 1882-1942).
Мы ведаем Янку Купалу як аўтара п’ес «Паўлінка», «Раскіданое гняздо», паэмаў «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва». Кожны беларус, напэўна, не раз чуў песні, напісаныя на вершы паэта «Мой родны кут», «Спадчына», «Малітва».
Вобраз Янкі Купалы ў элегантным цёмным касцюме і белай кашулі пад гальштукам, з прыгожымі вусікамі, знаёмы нам яшчэ са школьных падручнікаў па беларускай літаратуры.
А ці ведаеце вы, што:
- бацькі назвалі яго ў гонар хрысціянскага прарока Іаана Хрысціцеля.
- псеўданім «Янка Купала» ўтвораны ад беларускай версіі імя Іван і назвы свята Купалле.
- паводле ўспамiнаў родных, Янка іграў на двух музычных iнструментах – дудачцы i скрыпцы.
- першыя вершы Я.Купалам былі напісаны па-польску.
- першы зборнік вершаў Я.Купалы «Жалейка” выйшаў 1908 г., другі «Гусляр» – у 1910 г., трэці «Шляхам жыцця» – у 1913 г.
Верш Я.Купалы «А хто там ідзе?» быў перакладзены больш чым на 100 моў свету. У 1911 г. верш Я.Купалы «Жніво» пераклаў на рускую мову Максім Багдановіч.
У ваенныя гады першыя радкі верша Я.Купалы «Партызаны» – «Партызаны, партызаны, беларускія сыны!» – былі пазыўнымі на радыё «Савецкая Беларусь».
Па ўспамінах маці Юрыя Гагарына, верш «Хлопчык і лётчык» быў адным з любімых твораў першага касманаўта. Ю.Гагарын нават ведаў гэты верш на памяць.
У Музеі Максіма Багдановіча захоўваюцца выданні твораў Я.Купалы, паштоўкі, значкі, памятныя медалі, мастацкія партрэты вядомага песняра.
П.У. Свентахоўскі. Янка Купала. Мінск, 1993 г.