11 снежня 2019 года гродзенскія пісьменнікі і музыканты, настаўнікі і школьнікі, выкладчыкі і студэнты, фатографы і праграмісты, акцёры, музейныя супрацоўнікі і прыхільнікі паэзіі Максіма Багдановіча сталі ўдзельнікамі літаратурна-музычнага мерапрыемства «Снежаньскія чытанні».
У гэты зімовы вечар ясная Зорка паэзіі Максіма Багдановіча асвячала гарадзенцам шлях да прыгажосці і гармоніі, шчырасці і светласці. Зорка Максіма Багдановіча запалілася 9 снежня 1891 года. Ужо 128 гадоў гэтая Зорка свеціць нам з яснага неба. У доме, дзе жыве абагрэтая «нябесным агнём» душа паэта, міжвольна сустрэліся ўсе, хто яго любіць і паважае, хто яго ведае і хто вывучае, хто аб ім піша і тыя, хто яго чытае.
…Вечна светлы i вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся – і плачам,
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.
Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім...
У. Караткевіч «Багдановічу»
Візітнай карткай «Снежаньскіх чытанняў» стала відэапрывітанне гарадзенцам ад нашых калегаў - супрацоўнікаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску. Загадчык Літаратурнага музея Міхаіл Аляксандравіч Бараноўскі павіншаваў усіх са святам і прачытаў верш «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...».
Песню на словы Максіма Багдановіча «Зорка Венера ўзышла над зямлёю…» з асаблівай пяшчотай, кранальнай да глыбіні душы, выканала Лейко Аляксандра, студэнтка 1 курса беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы.
Вучні 5 «О» класа УА «Гімназія № 4 г.Гродна» выразна і артыстычна дэкламавалі вершы Максіма Багдановіча: «Зімой» (Міхаіл Джангіраў), «Вадзянік» (Соф’я Ярмак), «Кніга» (Яўген Рапінчук).
Творчасць М.Багдановіча – гэта цэлае жыццё. Навошта людзям дадзена жыццё? Каб проста прайсці праз яго, як па лесвіцы, ад дзяцінства да старасці? Каб загарэцца, як ліхтар, і хутка згаснуць? Чалавечае жыццё, у параўнанні з вечнасцю, вельмі кароткае, і пражыць яго трэба з высокім напалам, ярка і хвалююча.
Незабыўныя ўражанні ад твораў Максіма Багдановіча падаравалі нам студэнты-першакурснікі беларускай і рускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы: Сенькавец Валерыя, Мяжэвіч Віялета, Лаўцэвіч Яна, Стужынская Вікторыя, Дудко Мілана, Шчарбачэня Ганна, Міхаловіч Мілена, Рэбкавец Андрэй («Жывеш не вечна чалавек», «Споўненае абяцанне», «Дождж ў полі і холад… Імгла…», «Народ, беларускі народ!», «Вечар», «Калі паласу агнявую…», «Я тайну ў глыбіні душы хаваю»).
Студэнткі Рыбіна Мілена, Лудзіч Марыя-Малгажата, Валюк Вікторыя, Саўко Кацярына, як сапраўдныя акцёры, падрыхтавалі інсцэніроўку байкі Максіма Багдановіча «Варона і Чыж».
«Час нараджае герояў. І час нараджае геніяў. Яны прыходзяць тагды, калі без іх самаахвярнасці іншым не выжыць. Яны ўзнімаюць дух у паніклых, яны акрыляюць знявераных». Калі выйшаў на сцэну наступны выступоўца, то кожны з нас ні на секунду не засумняваўся, што гэта …Ён…наш Паэт… наш Максім Багдановіч…гэта Ягоная Зорка сёння благаслаўляе нашыя «Снежаньскія чытанні». Верш «Двайняткі» прачытаў і ў ролі паэта Максіма Багдановіча выступіў Дунько Андрэй, студэнт 1 курса беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы.
Максім Багдановіч вядомы як паэт-наватар, празаік, цудоўны перакладчык, тонкі і ўдумлівы крытык, гісторык і тэарэтык літаратуры, публіцыст. Яго творы адметныя высокім ідэйна-мастацкім узроўнем, жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Творы Максіма Багдановіча, поўныя шчырых і хвалюючых пачуццяў, натхняюць сёння і нашых сучаснікаў – гарадзенскіх паэтаў і пісьменнікаў, настаўнікаў, выкладчыкаў, акцёраў і музейшчыкаў. Менавіта яны ўзнёслымі і пранікнёнымі выступленнямі, дэкламаваннем твораў Максіма Багдановіча і сваіх уласных вершаў сёння і напісалі «старонку лепшую ў штодзённіку жыцця» гісторыі нашага музея:
Саюз пісьменнікаў Беларусі (гродзенскае абласное аддзяленне)
- Людміла Кебіч («Над морам»)
- Дзмітрый Радзівончык («Слуцкія ткачыхі» – на польскай мове)
- Ганна Скаржынская-Савіцкая («Не блішчыць у час змяркання…»)
- Таццяна Лашук («Замёрзла ноччу шпаркая крыніца...»)
- Аліна Сабуць «Больш за ўсё на свеце жадаю я…»)
- Вікторыя Смолка («Страцім-лебедзь», а таксама свае ўласныя вершы)
- Рыгор Гармаш (свой верш «Максіму Багдановічу» на ўкраінскай мове)
Саюз беларускіх пісьменнікаў:
- Ала Петрушкевіч і Аляксей Пяткевіч («Скандынаўская»)
- Ала Петрушкевіч («У полі дзікім і апусцелым…»)
Гродзенскае літаратурнае аб’яднанне «Надзея»:
- Святлана Глямбоцкая («Что из того, что стих в душе кипит » на рускай мове)
- Наталля Озерава («Напілося сонца са крыніц сцюдзёных…»)
- Лілія Шалешка («Зімовая дарога»)
- Наталля Чакліна-Гарбачова (свае ўласныя вершы з кнігі «Вянок санетаў»)
Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей
- Алеся Саўчук («Зорка Венера ўзышла над зямлёю…» – на балгарскай мове)
- Кацярына Багдановіч («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…» – на англійскай мове)
Гродзенскі дзяржаўны драматычны тэатр
- Таццяна Саўко («Агата»)
Ні адно музейнае мерапрыемства не абыходзіцца без песень. Упершыню ў гасцях – кіраўнік народнага клуба творчай інтэлігенцыі «Грані», паэт, музыкант, выканаўца аўтарскіх песень Аляксандр Закрэўскі. Песні на словы Максіма Багдановіча «Халоднай ноччу я ў шырокім, цёмным полі…», «Прывет табе, жыццё на волі!.. », «Кінь вечны плач свой аб старонцы!.. » у выкананні Аляксандра Міхайлавіча прагучалі так натхнёна і непаўторна, што мы ўсе разам адчувалі прысутнасць самога Паэта.
У 2016 г. калектыў гродзенскай вэб-студыі «ІКВАДАРТ» падараваў сайт музею Максіма Багдановіча. Гэты сацыяльна-рэкламны праект стаў іх асабістым унёскам у развіццё беларускай культуры і літаратуры. Гэта «вузенькая сцяжынка» стала ў бязмежнай інтэрнэт-прасторы «шырокай дарогай», па якой дзень за днём прыходзяць наведвальнікі на наш сайт, а затым і ў музей Песняра. Супрацоўнікі вэб-студыі з задавальненнем прынялі ўдзел у «Снежаньскіх чытаннях» і даказалі ўсім, што іх захапленні і таленты выходзяць за межы стварэння сайтаў. Менеджэр вэб-студыі Арцём Фількевіч выканаў музычную кампазіцыю на твор Максіма Багдановіча «Скандынаўская песня».
Падчас літаратурна-музычнага мерапрыемства госці і ўдзельнікі прагледзелі віртуальны тур па экспазіцыі музея,
https://bagdanovichmuseum.by/tour/
які, дарэчы, кожны жадаючы зможа заўсёды ўбачыць на нашым сайце. Стваральнік віртуальнага тура Іван Цыркуновіч разам з супругай Аленай былі сёння разам з намі, а ў душы – з Зоркай паэзіі Максіма Багдановіча.
На памяць аб «Снежаньскіх чытаннях» супрацоўнікі музея падаравалі гасцям 3-D «паштоўкі-васілінкі» з выявай любімай кветкі Максіма Багдановіча.
Спадзяёмся, што кропельку цеплыні, натхнення, узрушанасці і паэтычнай прыгажосці кожны з прысутных узяў з сабой. Няхай назаўжды кожнаму з нас на расцвіўшым зорным небе свеціць самая яркая зорка – Зорка паэзіі Максіма Багдановіча.
Аўтар, арганізатар і вядучы – Алена Рапінчук
Дызайн паштовак і каардынатар – Анастасія Грушэўская
Прэзентацыя і музычнае суправаджэнне – Кацярына Багдановіч
Фота – Сцяпан Кічук, Іван Цыркуновіч, Таццяна Гаўрылава
Відэаздымка – Сяргей Шывілька
Прапаноўваем паглядзець:
Artкод. Літаратурны вечар у музеі Максіма Багдановіча.