Як вядома, большасць музейных экспанатаў, якія належалі вядомым асобам, захоўваюць сапраўдную тайну або нават неверагодную гісторыю. Ёсць такія экспанаты і ў Музеі Максіма Багдановіча. Адным з каштоўных і любімых усімі наведвальнікамі і, канешне навуковымі супрацоўнікамі музея, з’яўляецца драўляная шкатулка з інкрустацыяй. Шкатулка належала Марыі Апанасаўне Багдановіч – маці паэта.
Летам 1895 г. Марыя Апанасаўна разам з сынамі Вадзімам, Максімам і Лёвам адпачывала ў вёсцы Вяззе (каля Асіповіч) у сваёй сястры Стэфы Секяржыцкай. Адам Ягоравіч не пакідаў без увагі жонку і дзяцей, дасылаў праз пошту ім грошы, падарункі і пачастункі.
Аднойчы ў пасылцы Марыя Апанасаўна атрымала ў падарунак прыгожую шкатулку. У суправаджальным лісце Адам Ягоравіч напісаў: «Ты, конечно, догадалась, что ящик этот предназначен тебе в презент. Ты ведь чувствуешь к ним влечение род недуга, вот я и захотел угодить тебе». У сваім лісце Марыя Апанасаўна напісала мужу: «Дороженький, любименький, лучший на весь свет Адамонька! Я сегодня получила все, о чем мечтала, и теперь даже не знаю, о чем писать и с чего начать. Шкатулочка просто прелесть. Даже Стефа заскучала, как увидела её».
У гэтай шкатулцы Марыя Апанасаўна захоўвала паперу, алоўкі, лісты ад мужа, а таксама градуснік, каб дзеці яго не разбілі. Шкатулачка закрывалася на ключык.
Доўгі час шкатулка захоўвалася ў сямейным архіве Багдановічаў спачатку ў Ніжнім Ноўгарадзе, затым у Яраслаўлі, куды пераехаў з Гродна Адам Ягоравіч разам з асірацелымі дзецьмі пасля заўчаснай смерці Марыі Апанасаўны.
У 1960-я гг. пісьменнік Аляксей Нічыпаравіч Карпюк па справах быў у Яраслаўлі, сустрэўся з роднымі Багдановічаў. Шкатулка, як і некаторыя іншыя рэчы, захоўвалася ў сям’і зводнага брата Максіма – Паўла Багдановіча. Аляксей Нічыпаравіч прывёз шкатулку ў Гродна. Сёння гэты рарытэтны экспанат упрыгожвае адзін з мемарыяльных пакояў нашага музея, а наведвальнікі могуць не толькі ўбачыць шкатулку, але і пачуць гісторыю яе незвычайнага падарожжа.