Вышыванне - мастацтва ўпрыгожваць ўзорамі разнастайныя тканіны. На працягу стагоддзяў яно сведчыла аб працавітасці, гаспадарлівасці і стараннасці жанчыны, таму што гэта карпатлівая праца, якая патрабуе максімуму ўвагі, часу і цярпення. Вышыванай карцінай можна ўпрыгожыць дом, аплікацыяй з вышыўкай - дэкараваць вопратку, а вышываную бірульку або брошку - падарыць сябру.
У даўнейшыя часы з дапамогай вышывання людзі спадзяваліся абараніць дом і сям’ю ад бед. Сёння гэты працэс спрыяе адпачынку пасля працоўнага дня і дапамагае рэалізаваць творчыя памкненні.
Узоры вышыўкі можна ўбачыць і ў Музеі Максіма Багдановіча. Напрыклад, так выглядаюць васількі, вышытыя крыжыкам і гладдзю.
А пад такім парасонам, упрыгожаным двухбаковай вышыўкай, хаваліся ад сонца гараджанкі пачатку ХХ стагоддзя.
Сёння аматары вышывання з лёгкасцю могуць знайсці ў інтэрнэце схемы, якія дапамогуць увасобіць самыя разнастайныя ідэі – ад простых узораў да карцін сусветнай класікі. Такія схемы – не вынаходніцтва сучаснасці. Спецыяльныя альбомы з ўзорамі для вышыўкі сталі выходзіць пасля таго, як з'явілася кнігадрукаванне. Першы такі зборнік выдаў у Кёльне Пётр Квінтам у 1527 г.
У нашым музеі захоўваецца каталог “Метки для вышивокъ. 1я серія” акцыянернага таварыства “Дольфустъ-Мигъ и К” (DOLLFUS-MIEG & Compagnie, або DMC), у якім прапанаваны схемы для вышыўкі крыжам: асобныя і камбінаваныя літары рускага алфавіта для вышыўкі манаграм некалькімі шрыфтамі, арнамент, віньеткі з кветак са словамі “Дружба”, “На память” і “1907 – 1908”, выявы веласіпедыстаў, рыбакоў, паравоза, паветранага шара, карабля. Унізе кожнай старонкі надрукавана рэкамендацыя карыстацца для вышывання ніткамі DMC. Штамп на вокладцы сведчыць, што каталог быў набыты ў гродзенскай краме для рукадзелля, што знаходзілася на вуліцы Дамініканскай, 14 (сучасная вуліца Савецкая).
А ці ведаеце вы, што:
1. У кітайскіх вышыўках 7-5 стст. да нашай эры, якія дайшлі да нашых часоў, выкарыстоўвалі не толькі шоўк-сырэц, залатыя і срэбныя ніткі, але і чалавечы волас.
2. Першыя іголкі вырабляліся з дрэва, рыбіных костак, шчаціння.
3. Адна з самых першых школ, дзе дзяўчат навучалі тэхнікам вышыўкі золатам і срэбрам, шоўкам і аксамітам, з'явілася ў Кіеве, у Андрэеўскім манастыры, дзякуючы княгіні Ганне, сястры вялікага князя Уладзіміра Манамаха.
4. Нягледзячы на тое, што вышыўку цяжка захаваць у добрым стане на працягу доўгага часу, вышыўкі Ксеніі Гадуновай (дачка рускага цара Барыса Гадунова), захаваліся з 1601 года, г.зн. цяпер ім больш за 400 гадоў!
5. Самая вялікая вышыўка крыжам, выкананая адным чалавекам - копія столі Сіксцінскай капэлы. Джаана Лапіаноўскі-Робертс вышывала яе на працягу 10 гадоў. Толькі распрацоўка схемы вышыўкі заняла 700 гадзін. Памер вышыўкі 203х90 см. Вышыўка занесена ў кнігу рэкордаў Гінеса.