Першыя чарніліцы былі прыдуманы ў Старажытным Егіпце і Кітаі, чарніла для пісьма рабілі з алея і сажы. А ўжо ў ІІІ ст. н.э. падобны састаў для чарніла выкарыстоўвалі ў Рыме і Грэцыі.
Спачатку ў якасці чарніліцы падыходзіў любы посуд: гліняны посуд, рог, аптэчныя бутэлькі. Але часцей за ўсё посуд для чарніла вырабляўся адмыслова: у выглядзе слоічка на ножцы, флакона з вечкам, баначкі з вузкім горлам. Ён мог быць з медзі, бронзы, золата, мармуру, крышталю, шкла і паўкаштоўных камянёў. Выраб чарніліц для заможных людзей даручалі вядомым мастакам, скульптарам, ліцейшчыкам і ювелірам.
Лепшымі майстрамі шкляных чарніліц былі англічане, менавіта яны прыдумалі конусную варонку, якая не давала выцякаць чарнілу, нават калі посуд перакуляўся.
На працягу стагоддзяў знешні выгляд чарніліц змяняўся. У Еўропе з XVII стагоддзя сталі вельмі папулярнымі масіўныя чарнільныя прыборы, якія займалі цэнтральнае месца на пісьмовым стале.
Існавалі і больш простыя прыборы, якія складаліся толькі з чарніліцы і пясочніцы на падстаўцы, а таксама дарожныя прыборы, якія захоўваліся ў невялікай скрыначцы. Чарніліцы рабілі з якаснага шкла і крышталю.
Цікавыя факты пра чарніла:
1. У Старажытнай Грэцыі і Рыме звычайным людзям строга забаранялася пісаць чарнілам чырвонага колеру, выкарыстоўваць яго маглі толькі правіцелі.
2. У VII - XIX стст. чарнілам пісалі з дапамогай гусіных пёраў. Перад гэтым пяро трэба было завастрыць. У пачатку XIX стагоддзя для гэтых мэтаў была створана спецыяльная машынка. У эпоху Расійскай Імперыі экспарт гусіных пёраў для пісьма прыносіў сур'ёзны прыбытак у казну дзяржавы.
3. Існуе вялікая колькасць “нябачнага” чарніла. Адзін з рэцэптаў даволі просты: малаком пісаўся тэкст на паперы. Малако высыхала і станавілася нябачным на белым аркушы. Для таго, каб прачытаць напісанае, трэба было патрымаць ліст над свечкай. Замест малака можна выкарыстоўваць сок лімона.
4. Самае дарагое ў свеце чарніла вырабляе дызайнер Дзідзі з грашовых купюр. Для вырабу невялікага цюбіка чарніла патрабуецца каля 10 000 долараў.