Юрка Голуб (Юрый Уладзіміравіч Голуб) (20 кастрычніка 1947, в. Горна, Зэльвенскі раён Гродзенскай вобласці – 12 кастрычніка 2020) – беларускі празаік, паэт, журналіст. Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Зэльвенскую СШ, філфак БДУ. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова. З 1970 г. жыў у Гродне. Працаваў на абласным тэлебачанні. З 1978 – загадчык аддзела культуры абласной газеты «Гродзенская праўда», з 1979 – загадчык аддзела мастацкага вяшчання Гродзенскага абласнога тэлебачання і радыё. Вядучы тэлепраграмы «Гродзеншчына літаратурная». Член СП СССР. Аўтар кніг паэзіі «Гром на зялёнае голле»,«Дрэва навальніцы», «Векапомнае поле», «Сын небасхілу», «Поруч з дажджом», «Зажураны камень. Трыялеты», «Брама зімы», «Багра», «Птушыны радавод», кнігі для дзяцей «У бары грыбы бяры». Укладальнік 4-х нумароў штогадовага часопіса «Галасы» (Гродна, 2002, 2003, 2004, 2005).
Зборнік «Зажураны камень. Трыялеты» (2002) складзены з вершаў класічнага жанру – трыялетаў. Кніга была напісана пад уплывам творчасці Максіма Багдановіча, пра што Ю.Голуб напісаў у прадмове: «Няма прычыны хавацца, што зборнік з розных гадоў у адной вершаванай раме – трыялеце – з’явіўся пад уладным заклікам Максіма Багдановіча… Выбіраю для сябе рызыкоўную спробу: адчыніць даўнейшую ваконную раму трыялета ўласным дотыкам».
У Музеі Максіма Багдановіча ў Гродне захоўваецца частка асабістага архіва Юркі Голуба: рукапісы вершаў, кнігі з аўтографамі аўтара, фотаздымкі, экслібрыс паэта.