23 кастрычніка 1924 года нарадзіўся Іван Якаўлевіч Лепешаў – вядомы беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар, аўтар двухтомнага “Фразеалагічнага слоўніка беларускай мовы”.
Сваю кар’еру Іван Якаўлевіч пачынаў на Гродзеншчыне – працаваў настаўнікам беларускай мовы ў Свіслацкай сярэдняй школе. Затым настаўнічаў у школах Шчучынскага раёна.
Падчас працы ў школе апублікаваў дзве кнігі “Изготовление и использование таблиц по русскому языку” і “Литературно-краеведческий кружок”. Паралельна працягваў вучобу: завочна скончыў філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута і аспірантуру ў Мінскім педагагічным інстытуце.
З 1971 года працаваў выкладчыкам у Гродзенскім педагагічным інстытуце. У 1973 годзе стаў дацэнтам, у 1986 – прафесарам. Адной з цэнтральных тэм навуковых інтарэсаў даследчыка была фразеалогія, якой Лепешаў прысвяціў больш за дзесяць кніг. Даследаваў іншыя моўныя з’явы, займаўся праблемамі парэміялогіі, граматыкі, лексікалогіі, культуры мовы, стылістыкі, мовы мастацкай літаратуры.
Іван Якаўлевіч Лепешаў – аўтар 520 навуковых і навукова-метадычных публікацый, больш за 40 кніг. Так, у Музеі Максіма Багдановіча захоўваецца “Слоўнік беларускіх прыказак” (2002).
Іван Якаўлевіч пайшоў з жыцця 12 кастрычніка 2014 года, усяго некалькі дзён не дажыўшы да свайго 90-годдзя. Імя даследчыка назаўжды ўпісана ў гісторыю беларускай філалогіі, а яго навуковая спадчына працягвае натхняць новыя пакаленні лінгвістаў.